Уладзімір Бабраўнічы
ПА НАКАЗЕ СЭРЦА
Выстава-трылогія жывапісу
Самадзейны паэта, натхнёны мастак, закаханы ў свой родны куток Лоеўскага краю… Вёскі Ваўкашанка, Уборак, палеткі дый узгоркі, пералескі ды раўнінныя палі з дзяцінства натхняюць лоеўскага творцу…
Тут, у невялічкай — цяпер бадай ужо хутары, — старадаўняй вёсцы Ваўкашанка на Брагінцы 69 гадоў таму ў сям’і Бабраўнічых нарадзіўся хлопчык…
Тут — у лоеўскай Ваўкашанцы, — і пачаўся ягоны жыццёвы шлях. Тут жа пачаўся і ягоны шлях творчы, калі ва ўзросце 15 гадоў малады хлапчук з уборкаўскай школкі, які за часы навучання так палюбіў заняткі жывапісам, стаў дыпламантам Рэспубліканскай выставы выяўленчага мастацтва “Беларусь, мая песня!”. І гэта быў толькі пачатак творчай “кар’еры” — кар’еры даўгой, няпростай, месцамі складанай, але заўжды шчырай.
А ягоная кар’ера — гэта так і няскончаны Маскоўскі абласны педагагічны інстытут імя Н. Крупскай, дзе да арміі на завочным аддзяленні жывапісу навучаўся студэнт Уладзімір. І працяг навучання — ужо ў паармейскім жыцці, — у вечаровай школе жывапісу пры літоўскім Дзяржаўным мастацкім інстытуце ў Вільні, куды лёс закінуў нашага героя ў маладыя гады.
Дарэчы, там жа ў Вільні ў мурах мастацкай школы і мелася першая персанальная выстава маладога мастака. Цяпер гэтыя муры — Віленская акадэмія мастацтваў. Адна са старэйшых навучальных устаноў Сярэдняй Еўропы, яна бярэ пачатак ад заснаванай у 1793 годзе пры Галоўнай школе Вялікага Княства Літоўскага кафедры архітэктуры, а сама Галоўная школа — ад Віленскага ўніверсітэта, вядомага з 1579 года.
У другой палове 1970-х гадоў малады мастак вярнуўся на радзіму. Стаў працаваць ва Ўборкаўскім сельскім клубе. Тут у 1978 годзе ён арганізаваў і ўзначаліў першы самадзейны гурт, у які прыйшлі уборкаўскія пасяляне. З імі фальклорны калектыў не проста выступаў на сцэнах роднага клуба, а з 1984 года — ужо новаадбудаванага дома культуры, — і клубных сцэнах раёна ды вобласці. Яны збіралі самабытныя скарбы народнай традыцыі Лоеўшчыны ды паказалі яе ўсяму свету.
Тады ж, у 1980 годзе, была праведзеная і першая персанальная выстава на роднай Лоеўшчыне…
Таму і не дзіва, што ў 1988 годзе уборкаўскі дом культуры пад кіраўніцтвам нашага героя перамог ва ўсесаюзным конкурсе — звычайны ДК, яшчэ не так даўна вясковы клуб у цеснай хаціне, — заняў першае месца.
“Новы будынак — новыя перспектывы і новыя магчымасці!” — напэўна, так меркаваў тады яшчэ малады кіраўнік мясцовай культуры, калі ствараў пры сваім ДК і першы на Лоеўшчыне цэнтр народных рамёстваў. Утвараліся і новыя гурткі, студыі… Шмат чаго паспеў стварыць Уладзімір Бабраўнічы на пасадзе кіраўніка дома культуры за 38 гадоў, што ён яго ўзначальваў.
Але за “адміністрацыйнымі” клопатамі ды турботамі не забываўся ён і пра ўласную творчасць, якая не абмяжоваўлася мастацкай самадзейнасцю “клубніка”. Хаця ён ужо і даўно на пенсіі — “адпачывае” з 2006 году, — але як ніколі не адпачываў, так і цяпер працягвае плённа тварыць і творча працаваць. Дагэтуль пан Уладзімір піша карціны — самадзейна і захапляльна, шчыра аддаючыся творчасці ўсёй душой і думкамі.
Піша ён і вершы, паэмы, часта выступае на творчых сустрэчах, паэтычных вечарынах, сходах аматарскіх аб'яднанняў. Лоўка выходзіць, калі свае вершы паэта чытае на фоне жывапісных выстаў, аўтарам якіх ён сам і з’яўляецца.
Дый нашая сённяшняя мастацкая выстава “Па наказе сэрца” шмат у чым таксама натхнёная вершамі Улідзіміра Бабраўнічага — рыфмы любові да Лоеўшчыны, гісторыі роднага краю дый гісторыі Беларусі тонка пераплеценыя з сюжэтамі на палотнах майстра. Кожны сам можа гэта пабачыць, калі завітае ў любую з трох “секцыяў” выставы-трылогіі.
Тут — цэлы космас… Космас, створаны па наказе сэрца аднаго мастака…