Восень, якая натхняе: фестываль у Завоссі

У чарговы раз адгучаў фестываль “Восень у Завоссі”. 27 верасня прыхільнікі творчай спадчыны Адама Міцкевіча з'ехаліся ў музеі-сядзібе “Завоссе”, дзе разгарнулася цікавая, насычаная праграма.

Кожны быў рады магчымасці далучыцца да беларускай культуры і народнай творчасці, больш даведацца пра славутага Адама Міцкевіча і адчуць подых яго часу.

На галоўнай сцэне выступалі заслужаны аматарскі калектыў “Палешукі” Іванаўскага раённага цэнтра культуры і папулярны музычны гур “KaS” з Мінску, а таксама творчыя калектывы Баранавіцкага раёна.

Лірычная і камерная атмасфера панавала ў лакацыі “Гумно”. Бард Аляксей Жбанаў выконваў песні філаматаў і філарэтаў, тэатр-батлейка “Дом з марамі” забаўляў гледачоў новай пастаноўкай, а даследчык Зміцер Юркевіч распавядаў пра Францішка Карпінскага - натхняльніка філаматаў і любімага паэта Міцкевіча.

На тэрыторыі ладзіліся майстар-класы па вырабе розных сувеніраў з Завосся: паштоўкі, магніты, свечкі, медалі – усяго не пералічыць. Мастачка Анастасія Балыш навучала акварэльнаму мастацтву. На пляцоўцы гістарычнай анімацыі можна было папрактыкавацца ў фехтаванні і ваярскім майстэрстве.

На “Бібліятэчным падворку” свае таленты дэманстравалі ўдзельнікі літаратурных клубаў і творчых аб’яднанняў. Тут таксама дзейнічала мноства інтэрактыўных лакацый, праводзіўся квэст “Па слядах Адама Міцкевіча”, працаваў “адкрыты мікрафон”.

Гасцёўня Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку і Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў таксама заваблівалі наведвальнікаў цікавымі актыўнасцямі.

Сёлета фестываль можна лічыць міжнародным. Да яго далучыліся ўдзельнікі з Расіі: музей-запаведнік А.С. Пушкіна "Міхайлаўскае" і музей-запаведнік Ф.І. Цютчава "Оўстуг". На пляцоўцы Пушкінскага запаведніка ахвотнікі маглі стварыць традыцыйную ляльку або лубочную карцінку, а таксама паглядзець выставу “Пушкінскі лубок мастака Ігара Шаймарданава”. З музеем "Оўстуг" ва ўрачыстай абстаноўцы было заключана афіцыйнае пагадненне аб супрацоўніцтве.

Фестываль “Восень у Завоссі” зноў даказаў, што творчасць Адама Міцкевіча здольная аб’ядноўваць людзей розных пакаленняў і краін, натхняць на новыя ідэі і пакідаць светлыя ўражанні.

242