Літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Таямніцы дзеда Кандрата»


4 сакавіка 2022 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Таямніцы дзеда Кандрата”, прысвечанай 100-годдзю пачатку творчай дзейнасці народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.

Праект рэалізаваны пры ўдзеле Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, філіяла “Гасцёўня Уладзіслава Галубка” Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Кандрат Крапіва – байкапісец, драматург, паэт-сатырык, празаік, вучоны-лінгвіст, грамадскі дзеяч, акадэмік, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, удзельнік чатырох войнаў, Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы. Творчасць пісьменніка непасрэдна і непарыўна звязана з лёсавызначальнымі падзеямі XX стагоддзя. Дэвізам усяго яго жыцця былі словы, якія цяпер выбіты на яго надмагіллі: «Мною валодала жаданне ўмяшацца ў жыццё і сёе-тое ў ім паправіць».

Прадметны шэраг экспазіцыі прадстаўлены матэрыяламі з фондаў музея (рукапісы, фотаздымкі розных гадоў, дакументы, сувеніры, асабістыя рэчы, кнігі) і прадметамі ўстаноў-партнёраў. Дапаўняюць выставу матэрыялы з сямейнага архіва пісьменніка, якія ніколі раней не экспанаваліся.

Наведвальнікі пазнаёмяцца з асноўнымі этапамі жыццёвага і творчага шляху Кандрата Кандратавіча, праявамі і таямніцамі яго шматграннага таленту. Так, напрыклад, сярод іншага пісьменнік паўстае як выдатны знаўца мовы. Напісаная пісьменнікам кніга філалагічных загадак-амонімаў “Загадкі дзеда Кандрата” адрасавана пакаленням беларускіх дзетак, каб яны не гублялі цікавасці да роднай мовы. Паводле гэтага выдання для маленькіх наведвальнікаў выставы сумесна з праектам “Скарбонка гульняў” распрацаваны інтэрактыўны дадатак – настольная гульня “Загадкі дзеда Кандрата”.

Экспазіцыя будзе цікавая шырокаму колу наведвальнікаў розных узроставых катэгорый. Шчыра запрашаем!

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Праца выставы працягнецца да 31 снежня 2022 года.

Куратар – Кажамяка Святлана Уладзіміраўна. Тэл. +375 (17) 395-44-47.

1237