Навукова-даследчы выставачны праект да Міжнароднага дня этнографа “Этнаграфія /не толькі/ ў лічбе. Смартфон: нататнік, дыктафон, камера…” па матэрыялах палявых экспедыцый музея


Ізноўку 17 чэрвеня —
ізноўку дзень народзінаў
Міколы Міклухі-Маклая…
 
 
Навукова-даследчы выставачны праект цэнтра дакументацыі культурнай спадчыны Музея бітвы за Днепр да Міжнароднага дня этнографа “Этнаграфія /не толькі/ ў лічбе. Смартфон: нататнік, дыктафон, камера…” па матэрыялах палявых экспедыцый музея.
 
У выставачным праекце зроблена спроба асэнсавання работы ваенна-гістарычнага музею з няпрофільным для сябе, але вельмі цікавым і важным для гісторыі Лоеўскага рэгіёна матэрыялам — этнаграфічнай матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчынай.
Падчас падрыхтоўкі праекта былі выкарыстаныя прадметы са збору Музея бітвы за Днепр і палявыя матэрыялы з навуковага архіва музея, сабраныя за апошнія 20 гадоў, а таксама палявыя матэрыялы Беларускага архіва вуснай гісторыі. Сярод іншага, наведвальнікаў чакае апрача прадметнага шэрагу, традыцыйнага для музейных выстаў, і экранная экспазіцыя з дэманстрацыяй палявых запісаў і інтэрв’ю, зробленымі супрацоўнікамі музея.
У рамках адкрыцця выставы мае прайсці майстар-клас ад сяброў музейнага аб’яднання “Нашчадкі Лоя” па народных танцах Лоеўшчыны, а таксама дэманстрацыя кінастужкі.
 
Час экспанавання выставы: 17 ліпеня – 13 верасня 2020.
Час адкрыцця выставы і тэматычнай вечарыны з майстаркласамі і кінапраглядам: 17 ліпеня 2020, 19/00.
Месца правядзення: Музей бітвы за Днепр.
Рэжым работы музея: аўт.–нд., 9/00–18/00.
 
Уваход на адкрыццё выставы з майстар-класам і кінапраглядам — ВОЛЬНЫ.
 
ЭКСПЛІКАЦЫЯ ПРАЕКТА
Палявая работа сённяшняга этнографа даволі моцна адрозніваецца ад тэй, якую рабілі яго/яе калегі з каляжанкамі яшчэ не так даўна.
Сёння не трэба цягаць з сабой вялізны магнітафон з камплектам запасных акумулятараў — каб не “прыкладна” запісваць у чарговы зашмальцаваны ў падарожжах нататнік аповеды мілых бабулек і дзядулек-інфармантаў, а ўжо пазней камеральна спакойна і няспешна транскрыбаваць увесь аповед слова-ў-слова. Сёння варта мець самы просты смартфон з сабой у кішэні, каб пасля зняць перакінуты на камп’ютар аўдыёзапіс. Хаця паўарбанку ўсё-такі лепш мець у кішэні…    
Сёння не трэба марыць завесці сяброўства з кіношнікамі-дакументалістамі і заахвоціць іх зняць стужку менавіта пра герояў тваіх экспедыцый. Мець у cv запіс пра стужку студыі “Летапіс”, знятую па слядох тваіх акадэмічных вандровак — што магло быць большай асалодай для ўласнага ego яшчэ гадкоў дваццаць таму… І тут на дапамогу таксама прыходзіць той самы просты смартфон, на які апрача аўдыё можна ж запісаць і відэа з інтэрв’ю. А пасля — самому змантаваць фільм на сваім старэнькім лаптопе…
І вялізны фотаапарат “Зенит–ЕТ” са зменнымі аб’ектывамі, кучай пушачак са стужкамі “Свема–64” і бліскавіцай з батарэйкамі да яе ў чорным скураным рундуку, які важыць больш, чым сама апаратура, таксама не трэба цягаць. Што можа быць прасцей за фотаздымкі, зробленыя на смартфоне…
Купіў/-ла новы смартфон — самы час заняцца візуальнай антрапалогіяй! Цяпер кожны/-ая сам/-а — без дапамогі верных санчаў-пансаў можа здзейсніць поўны цыкл палявых і камеральных даследаванняў. Праўда, удвох усё адно зручней весці размову… Таму пішпара дагэтуль асноўнай баявой адзінкай палявых этнографаў. Так і лепш, і прасцей, і больш правільна, і больш лоўка, хаця ў наш дыгітальны век ужо зусім і не абавязкова.
Больш за тое, цяпер смартфон — гэта і мапа, і план, і трэкінг ўсяго палявога маршруту, і дакладныя маркі з часам-датай і  джыпіэсамі для аўдыё‑відэа‑фота файлаў, а, значыцца, і для саміх бабуляк-дзядуляк, якіх этнографы знаходзяць на сваім палявым паляванні.
Але ж заўжды застаецца і тая недыгітальная частка работы, якую ніводны самы прасунуты смартфон не дапаможа зрабіць. Гэта сама камунікацыі этнографаў-даследчыкаў з інфармантамі — стасункі чалавека з чалавекам.
Дый татальная дыгіталізацыі не можа замяніць класічнай музейнай этнаграфіі, калі з вандровак мы прыцягваем не толькі ўспаміны пра цудоўных людзей, у якіх бралі інтэрв’ю, але і нейкія артэфакты, якія тыя людзі нам аддалі. І, галоўнае, памяць пра тых людзёў…
Менавіта таму наш выставачны праект да 17 чэрвеня — Міжнароднага дня этнографа, — так і называецца “Этнаграфія /не толькі/ ў лічбе. Смартфон: нататнік, дыктафон, камера…”.
 
 
У выставачным праекце выкарыстаныя прадметы са збору Музея бітвы за Днепр, палявыя матэрыялы з навуковага архіва Музея бітвы за Днепр і Беларускага архіва вуснай гісторыі.
Праект рэалізоўваецца ў рамках мерапрыемстваў да 35 угодак з адкрыцця ў Лоеве Музея бітвы за Днепр.
 
Больш пра этнаграфічную навукова-даследчую дзейнасць Музея бітвы за Днепр можна даведацца ў артыкуле "Чорны ўваход у музей — для этнаграфіі. З гісторыі “няпрофільнай” музейнаэтнаграфічнай работы лоеўскага Музея бітвы за Днепр", размешчаным на старонках музейнага альманаха “СА / culture & anthropology / museum’s magazine
 
118