Музей бітвы за Днепр сумесна з Дзяржаўным архівам грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці прэзентуе
навукова-даследчы і экспазіцыйна-выставачны фота-дакументальны праект
да 80-й гадавіны стварэння лоеўскага партызанскага атрада “За Радзіму”
са збораў Музея бітвы за Днепр / Лоеў
Дзяржархіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай воласці / Гомель
Гэта ж трэба — скончылася вайна, і ты жывы! Цябе не забілі. Ты будзеш жыць доўга, доўга. Не будзеш трэсціся ў зямлі і чакаць апошняга свайго выбуху. Ты вернешся дамоў, зноў убачыш маму. Знойдзеш сваё каханне, якое дасць табе законнае шчасце ў жыцці. Канец вайне!..
Васіль Быкаў "Сцяна"
Прайшло шмат гадоў… Прайшло столькі гадоў, што ўсё, здаецца, можна ўжо было б і забыць… Але забыць не атрымоўваецца.
На ўласныя ўспаміны накладаюцца ўспаміны сямейнікаў, блізкіх… Дый успаміны далёкіх чужаніцаў не пакідаюць церабіць душы тых, хто яшчэ памятае…
Вайна скончылася… Пачалася яна даўно і доўга кацілася, пакуль чорная навала не ахінула ў самым канцы жніўня сорак першага і родны Лоеў…
Розныя людзі па рознаму ўзгадваюць тыя дні… Па рознаму яны тады жылі, рознае рабілі — вось і ўспаміны ва ўсіх розныя… Але яднае тыя ўспаміны чорная павалока смутку, якая ўкрыла памяць…
Так, у Лоеве ў першыя дні арганізавалі партызанскі атрад “За Радзіму”… Пасля ён перарос у брыгаду… Мясцовыя партыйныя кіраўнікі, якія не паспелі эвакуявацца з роднымі — а ж так хацелася б гэтага тым-сім з іх, — пайшлі ў лясы… Шмат людцаў тады ў лясы пайшло…
А сем’і большасці з тых, хто пайшоў — засталіся… І за сваіх сваякоў яны гінулі… Сям’я партызана Фрадліна засталася ў мястэчку і больш яны ўжо не спаткаліся — у жніўні сорак другога іх не стала… Не стала разам з сем’ямі іншых партызанаў… Іх забілі… І лаяўцоў-габрэяў не стала… Не стала больш Ганкіных-Воўкавых… Не стала цэлых радоў…
Хто пайшоў у лес — маглі выратавацца… А маглі — і не…
Кажу ж, шмат хто пайшоў тады ў лес — спатыкалі тады ў ім і баявых дзецюкоў з аўтаматамі, і старую кабету з любай кароўкай Зоркай і трыма куркамі, зсірацелых дзетак — дзяўчынку гадкоў пяці з малодшым братыкам, — і каўпенскага фатографа, расстралянага за любоў да відарысаў роднай вёскі з ейнымі палеткамі — мог жа перадаць партызанам сакрэтныя дадзеныя…
Нейкія ўспаміны… Фрагменты памяці… Партызанскія эпізоды — гэта і можна будзе пабачыць на выставе… Фатаграфіі… Дакументы… Успаміны… Бы ашчэпкі аграменнай атлантыды памяці… Маленькія пікселі вялікіх тэкстаў… Наратывы жыццяў, з якіх і складаецца гісторыя…
Пасля вайны засталіся дзеці, якія — разам з бацькамі, а сіроты — разам з суседзямі, сваякамі ці самотныя, — хаваліся ў лясных гушчарах, балотах ды кодлах-ямінах. Іх было шмат, і ўсе яны праз жыццё неслі вусціш партызанскага лесу… Іх галасы можна таксама будзе пачуць на выставе…
Усе яны прайшлі праз той лес… І лес за Пустой Градой, і балоты Амелькаўскіх лясоў… Багата было лясоў, толькі боль вайны быў на ўсіх адзіны…
Скончылася вайна… Але памяць жыве — жыве і сёння…
У рамках часовай экспазіцыі “Партызаны. Эпізоды” прэзентуецца праект “Унутры лініі фронту”, прысвечаны памяці цывільных лаяўцоў – сведак вайны. Гэта — дзеці, якія перажылі вайну ў Лоеве, і цяпер, праз столькі часу, яны дзеляцца сваімі ўспамінамі пра ня-мірнае жыццё мірных людзей…
Азнаёміцца з праектам “Унутры лініі фронту” можна тут.