Знакі жыцця


У музейна-выставачным комплексе (вул. Рынкавая, 4) дзейнічае новая выстава “Знакі жыцця”: выстаўляюцца працы майстрыхі Вольгі Хачковай (пісанкі) і Наталлі Сухой (выцінанкі).
Нашы продкі былі людзьмі майстравітымі, мелі багатую фантазію. Гэта, сярод іншага, пацвярджаецца разнастайнасцю матэрыяльнай народнай творчасці, якая мела як спрактыкавана-прафесійныя, так і аматарскія формы.
Выцінанкі і пісанкі адносяцца да распаўсюджанай у беларусаў народнай творчасці. Першыя, часцей за ўсё ствараліся на белай, часам і на каляровай паперы. Выразаліся з дапамогай нажніц, нажа, ляза і іншых падручных металічных прадметаў. Выцінанкі мелі разнастайныя сюжэты, часта ўвасобленыя ў геаметрычных формах, якія шматразова паўтараліся. Нярэдка іх замацоўвалі на вокны, каб было відаць не толькі жыхарам хаты, але і аднавяскоўцам, каб тыя бачылі, што ў ёй жывуць увішныя гаспадары. Пісанкі ж – гэта размаляваныя пры дапамозе воска, фарбавальнікаў і спецыяльных інструментаў курыныя яйкі. Яны з'яўляюцца адлюстраваннем Велікоднай традыцыі.
У гісторыі развіцця традыцый выцінанкі і пісанкі на Беларусі былі розныя перыяды, перыяды росквіту і заняпаду, але, як бы там не было, яны захаваліся па наш час і займаюць як аматараў, так і прафесійных майстроў і майстрых, для якіх гэта з'яўляецца не проста адлюстраваннем душы, але і станам жыцця.
Каб пабачыць выдатныя работы ў стылі выцінанкі і пісанкі сваімі вачыма, і, магчыма, натхніцца на ўласную спробу такой творчасці, завітвайце, калі ласка, на выставу “Знакі жыцця”!

277