15 мая — дзень нараджэння Ніны Тарас — беларускай паэтэсы, пісьменніцы, перакладчыка, у т.л. вершаў А. Міцкевіча

Ніна Міхайлаўна Тарас, сапраўднае прозвішча — Жданук (1916-2006 гг.) нарадзілася 15 мая 1916 г. у в. Заполле Навагрудскага павета ў сялянскай сям'і. Вучылася ў Навагрудскай беларускай гімназіі (1930—1934 гг.), затым у Віленскай беларускай гімназіі, якую скончыла ў 1936 г. У 1938 г. пераехала ў Ліду. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР працавала ў лідскай раённай газеце «Уперад». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1940 г. У 1942—1944 гг. — сувязная партызанскіх атрадаў.

Выступаць у друку пачала з 1936 г. Першыя крокі ў літаратуры ажыццявіла з падтрымкі Максіма Танка. У 1957 скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Жыла ў Мінску, працавала ў Дзяржвыдавецтве БССР, рэдакцыях газет. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Перакладала з рускай, украінскай і польскай моў, у т. вершы Адама Міцкевіча на беларускую мову (“Няпэўнасць” і інш.). Адаму Міцкевічу прысвяціла свой верш “З Навагрудскай гары”. Фрагмент:

Выйдзі і глянь з Навагрудскай гары
Колькі дарог пралягло удалеч!

Меркнуць адны у туманным бары,
Другія імчацца за ўзгоркаў хвалі.
Тая вядзе ў Налібоцкі гушчар,
Гэтая нікне ў зялёнай Рутцы…

Якою ж дарогай вандроўкі - пясняр
Пайшоў, каб ніколі назад не вярнуцца?
Яму пазіралі сасонкі услед,
Ківалі галовамі сумна таполі,
І слалі яму на чужыну прывет
Кожная траўка, былінка ў полі.

53