«20–ГОД РАЗАМ» — юбілейная выстава творчага грамадскага аб’яднання «МАСТАК»


У 2002 годзе была створанае і зарэгістравана Мінюстам творчае грамадскае аб’яднанне “Мастак”, якое працягвае сваю дзейнасць і зараз, ды й налічвае ў сваім складзе 55 чалавек. Ініцыятарам стварэння аб’яднання быў мастак Віктар Маркавец (05.08.1947 – 17.09.2013).

Усё жыццё Віктара Маркаўца — гэта ў першую чаргу жыццё з людзьмі і жыццё для людзей. Ён дапамагаў пачынаючым творцам станавіцца мастакамі — працаваў выкладчыкам у вучэльні імя А. Глебава, і ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.

Калі Віктар пасяліўся ў Заслаўі, звярнуў увагу на тое, што ў горадзе жыве і працуе шмат мастакоў. Тады ў Маркаўца і нарадзілася ідэя стварыць аб’яднанне мастакоў, якія б малявалі артэфакты Заслаўя, яго ўнікальныя ландшафты, аднаўлялі б у творах мастацтва яго старажытную гісторыю.

Штогод, пачынаючы з 2001 года, у Заслаўі праходзіць пленэр маляванага дывана. Трэба адзначыць, што ўсю калекцыю маляваных дываноў па выніках першага пленэру, перадалі ў дарунак Запаведніку, што дапоўніла калекцыю музея — адну з самых буйных калекцый маляваных дываноў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Экспазіцыю ачольвае партрэт Віктара Маркаўца і яго дываны, прысвечаныя гісторыі Заслаўя. У выставу ўключаны некалькі маляванак з таго самага, першага пленэру ў Заслаўі, а такіх аб’яднанне “Мастак” здзейсніла больш за 20-ць. Гэта ўжо значная калекцыя, якую вазілі і дэманстравалі на выставах па ўсёй краіне — працэс працягваецца і пашыраецца.

Таццяна Маркавец–Гаранская — старшыня Творчага грамадскага аб’яднання “МАСТАК”.

144