Выстава жывапісу Віктара Шылко «Прысвячэнне УНОВІСу»


Сярод шматлікіх прысвячэнняў сучасных мастакоў сваім папярэднікам у гісторыі мастацтва, заўжды самымі цікавымі і ўдалымі становяцца тыя, аўтары якіх пазбаўлены ад непасрэднага ўплыву. Трыб'ют Віктара Шылко ўдзельнікам арт-групы УНОВІС і авангарду пачатку мінулага стагоддзя не змяшчае прамых спасылак або цытат; зрэшты, свабода мыслення і самастойнасць пластычнай мовы заўсёды характарызуюць гэтага мастака.

Не стыль, але сутнасць беспрадметных кампазіцый В. Шылко працягваюць логіку класічнага авангарда: "Формам трэба даць жыццё і права на індывідуальнае існаванне" (Казімір Малевіч).

Узарваўшы логіку традыцыйнага "рэалістычнага" ўяўлення і, такім чынам, значэнне візуальных форм, авангардысты выйшлі за рамкі традыцыйнага мімесісу, і адважыліся на беспрадметны жывапіс. На працягу больш як векавога тэрміна шматлікія мастакі розных краін свету на свой лад праходзяць гэты шлях. Выключаючы стылізацыі, Віктар Шылко працягвае і развівае паняцце канструкцыі і дынамічнага прынцыпу.

У экспазіцыі прадстаўлены шэраг прац, выкананых адмыслова для гэтага праекту ў 2022 годзе, а таксама карціна 1989 года, у свой час паказаная на выставе суполкі “Квадрат”.

223