Экспазіцыйна-выставачны праект «Аўта/Партрэт Рэканструктара»


Гісторыка-культурны музей-запаведнік Заслаўе” сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва прэзентуе мемарыяльны экспазіцыйна-выставачны праект “Аўта/Партрэт Рэканструктара”, прымеркаваны да 85-ых угодак з нараджэння і 20-ых — са дня смерці мастака і культурнага дзеяча Яўгена Куліка.
 
Яўген КУЛІК (31 кастрычніка 1937 – 12 студзеня 2002) — беларускі графік, які належаў да генерацыі дзяцей вайны. Гэта тыя самыя паваенныя маладзёны, якія стваралі сённяшнюю Беларусь — Беларусь мастацкую, Беларусь культурніцкую, Беларусь гістарычную, этнаграфічную дый даследчую. У чымсьці, вядома, яны працягвалі справу і спадкавалі папярэднікам — і беларусам міжваення, і беларусам канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. А ў чымсьці яны былі і абсалютна арыгінальнымі і непаўторнымі, у чымсьці яны былі піянерамі…
Гэта менавіта яны, юнакі дый дзяўчаты, чыё сталенства прыйшлося на паваенныя гады, абралі лірыку лейтматывам свайго жыцця дый на тэй лірыцы ўзрасцілі плённае жніво беларушчыны. І майстэрня Яўгена Куліка — ягоны Паддашак, — і была аднэй з тых шматлікіх пожняў, на якой калісь і забуяла сучасная беларуская культура.
Яўген Кулік зведаў выкруцісты лёс — мог стаць жывапісцам, але абраў графіку, працаваў мастацкім рэдактарам (часопісы “Бярозка” ды “Вясёлка” натхнялі сваіх чытачоў ягоным мастацкім густам), але абраў быць самастойным кніжным графікам…
Праблемы са здароўем схілілі волата, а прамалінейнасць і патрабаванні да дэталяў некага маглі аддаліць ад мастака. Але ж ягоная пазіцыя — пазіцыя экзістэнцыйная, — для многіх наадварот, зрабіла з яго куміра… Шмат для каго работы Яўгена Куліка — яго рэканструкцыя страчаных помнікаў гісторыі Беларусі, фіксацыя яшчэ-пакуль-не-страчаных, — былі ўзорам захавання спадчыны. А хтосьці скептычна ставіўся да яго рэканструкцый — ці ж не замала звестак для такой работы дый як наогул гэта магчыма зрабіць, калі інфармацыі вобмаль?..
Але ж усе гэтыя рэканструкцыі — ўсё, што было сапраўдным жыццём мастака, — сталіся і сапраўдным рэчавідам майстра… Таму ў выставачным праекце мы маем не прадстаўляць жыццяпісную экспазіцыю твораў аўтара, не спрабаваць падаць наведвальніку мастацтвазнаўчы экскурс, а маем паспрабаваць зрабіць рэканструкцыю самога рэканструктара, як гэта робіць звычайны этнограф, калі, здымаючы сацыяльныя пласты жыцця слой за слоем, імкнецца апісаць рэальнасць, якую ён тут і зараз назірае, не даючы ацэнак і спрабуючы найменей укладаць уласных эмоцый.
На выставе мы маем паспрабаваць паглядзець на творчасць Яўгена Куліка антрапалагічным позіркам — не толькі на ягоную мастацкую, але і культурніцкую і даследчую дзейнасць, паспрабаваць антрапалагічна асэнсаваць, г.зн. апісаць як этнограф у полі, яго арт-работу гістарычнага рэканструктара…
Таму сёння мы б хацелі спыніцца менавіта на рэкантруктарскім баку работ пана Яўгена, які лучыць у сабе і творчасць, і навуковы вышук, а таксама выяўляе і перашкоды са знаходкамі. Разам з гісторыкамі, археолагамі, этнографамі мастак спрабаваў весці глыбінныя доследы беларускай мінуўшчыны і аднаўляць — рэканструяваць ці то ствараць вобразы, — беларускія гарады, даўнія храмы, камяніцы з фартэцыямі… Дый саміх “даўніх” беларусаў мастак таксама выкшталцона “адраджаў”, ствараючы на паперы іх вобразы-відарысы.
А таксама Яўген Кулік фіксаваў — фіксаваў тое, што яшчэ не страчанае, але можа быць зруйнаваным. Нават тыя напаміны даўніны, якім быццам не пагражала пляжанне, мастак усё адно фіксаваў — для будучыні. Фіксаваў па-мастацку, дадаючы кожнаму аб'екту пэўнай вобразнасці, падбіраючы да кожнай страхі храму ці замку сваю хмарку-аблачынку. Быццам архітэктар-рэстаўратар. Быццам…
Нашаму музею-запаведніку пашчасціла — маем у сваёй калекцыі шэраг работ пана Куліка. Гэта і рэканструкцыі строяў даўніх тубыльцаў, і адноўленыя або “зафіксаваныя” яшчэ жывыя  касцёлы, кляштары ды палацы рукі майстра. З асаблівай пяшчотай узіраемся мы на рэканструкцыю заслаўскага “Замэчку” — “Зáмачка па-беларуску”, любіў папраўляць мастак, — пачатку нашага места, пачатку беларускай гісторыі… І гэта — сапраўды рэканструкцыя. Рэканструкцыя мастацкая… Але навукоўцы кажуць, што даволі трапная!
А астатнія работы?.. З 16 графічных лістоў, што захоўваюцца ў зборы музея-запаведніка, 5 — рэканструкцыі адзення ХІІ стагоддзя, а 11 — гэта вобразы архітэктурныя: касцёл у Гнезне і абарончыя цэрквы ў Мураванцы і Сынкавічах, XVI ст., а таксама Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне з Кальвінскім зборам у Смаргоні таго ж XVI ст.  Тут і кляштар бернардзінцаў у Гродне, XVI – XVIII стст., і ансамбль Жыровіцкага манастыра, XVII – XIX стст. Храмавыя выявы дапоўненыя шэрагам выяў замкаў і палацаў: палац Валовічаў у Свяцку, XVIII ст., замак у Міры, XVI – XVII стст., замак з фарным касцёлам у Навагрудку, XIII – XVIII стст. І, вядома ж, згаданая ўжо рэканструкцыя заслаўскага гарадзішча “Замэчак”, Х – ХІ стст.
Вобразы такія вабкія, прыгожыя, вобразы-натхненні… Але ж ці выгляды?.. Ці сапраўды тыя гмахі выглядалі/-аюць менавіта так, як гэта паднёс нам пан Яўген — ці ж то фотарэалістычныя адбіткі захаваных будынкаў і такія ж рэалістычныя — будынкаў, рэканструяваных самім мастаком? Мяркуйма, выявы ацалелых будынкаў можна параўнаць з арыгіналамі… Але ж тое, што не захавалася ці было перабудаванае, агледзець не атрымаецца. Ці ж сапраўды рэканструкцыі пана Куліка — ісціна?.. 
 
Кожны раз да Дня горада музей-запаведнік рыхтуе праекты, звязаныя ці то з гісторыяй самога места, ці то з гісторыяй запаведніка. Такім чынам штораз імкнёмся выявіць рэканструкцыю старажытнай гісторыі Заслаўся і ў рыцарскіх бугуртах, і ў выставачных фотанарысах і замалёўках старадаўняга мястэчка. Выстаўляем археалагічныя артэфакты і работы славутых мастакоў мінулага дый сучасных мастакоў маладых — з краявідамі роднага горада… Вось і сёлета спрабуйма зрабіць рэканструкцыю заслаўскай гісторыі да гарадскога свята, адначасова зладзіўшы выставу вядомага беларускага графіка. Графіка, па работах якога часта і пазнаюць старадаўняе Заслаўе — варта толькі “ўбіць” у пошукавы радок словы кшталту старажытнае Заслаўе, Рагнеда, Ізяслаў, гарадзішча “Замэчак” ці штось падобнае, і аднэй з асноўных выяў у выніку пошуку ўявіцца тая самая рэканструкцыя заслаўскага “Замэчку”. А калі яшчэ разгарнуць якуюсь навуковую ці папулярную кнігу, ці, тым больш, турыстычны праспект…
Музейнаму збору запаведніка сапраўды пашчасціла — тут захоўваюцца сапраўдныя рарытэты. І гэта не толькі тыя 16 выяў рукі Яўгена Куліка, якія мы прэзентуем на выставе. Хапае ў фондах Запаведніка і археалагічных знаходак з заслаўскіх раскопак. Гэта сапраўдныя археалагічныя артэфакты — менавіта з такімі выкапнямі працаваў рэканструктар, калі ствараў свае творы. Можна смела — тут жа ў выставачнай зале, — параўнаць арыгінальныя наканечнікі дзідаў ці скроневыя колцы з выявамі такіх жа артэфактамі з выяў рэканструкцыі адзення.
У сваіх рэканструкцыях вобразы даўніх продкаў беларусаў і даўняй Беларусі Кулік ствараў, працуючы, да прыкладу, разам з гісторыкам Міколам Ермаловічам або выбітным археолагам Міхасём Ткачовым. У вітрынах у зале маюць быць прадстаўленыя не толькі здабыткі археалогіі, але і сучаснае, аднак не менш каштоўнае багацце — апрача графічных работ Яўгена Куліка можна будзе пабачыць і “пагартаць” — праглядзець на экране лічбавыя вобразы, — архіўныя здабыткі з палявымі запісамі і працоўнымі матэрыяламі рэканструктара.
Уся выстава, увесь праект-акцыя пабудаваная на дыялозе — дыялозе паміж сапраўднымі артэфактамі і работамі-рэканструкцыямі Яўгена Куліка, і сучасным Заслаўем. І нават сама зала — “Зала Габеленаў” — нездарма абраная для дэманстравання праекта. Гістарычныя габелены Вольгі Дзёмкінай ды Юрыя Піскуна — яшчэ адна рэканструкцыя… Але ж яны — рэканструкцыя выключна мастацкая. Невялічкія па памерах работы Яўгена Куліка, размешчаныя ў рамах паверх вялізных габеленаў, не закрываюць іх — яны і не ў стане іх закрыць, — а наадварот, адсылаюць да іх, падкрэслеваючы іх “рэканструктарскае” значэнне і надаючы ім новыя — дадатковыя — канатацыі. Творы Куліка падкрэсліваюць знакавыя вобразы Дзёмкінай і Піскуна, ведучы з тымі гістарычны дыялог… Такая інтэрвенцыя спробы як быццам навуковай рэканструкцыі ў рэканструкцыю выключна мастацкую… Інтэрвенцыя з дыялогам… З палеалогам…
У выніку ў праекце, прысвечаным гістарычнай ды артавай рэканструкцыі, утварылася тры прасторавыя зоны: зона арт-дыялогу, дзе інтэрвенцыя графічных твораў Яўгена Куліка ў габеленавую прастору Вольгі Дзёмкінай з Юрыем Піскуном дэманструюць нам розныя падыходы да гістарычнай рэканструкцыі.
У другой зоне можна будзе пабачыць сапраўдныя археалагічныя артэфакты і архіўныя дакументы. Артэфакты з раскопак старажытнага Заслаўя, якія цяпер захоўваюцца ў музейным зборы і дакументы, якія калісь належалі альбо былі створаныя самім мастаком, а цяпер захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва.
А кодай праекта — нездарма ж ён выйшаў у серыі “Этнаграфіка рэчавіду”, — стала экранная экспазіцыя, дзе ў відэаінсталяцыі можна будзе пабачыць шэраг невялічкіх фрагментаў з інтэрв'ю, узятых у сваякоў, калег і паплечнікаў Яўгена Куліка, у даследчыкаў беларускай даўніны дый стваральнікаў беларускага мастацтва — у тых, хто асабіста ведалі Яўгена Куліка, а сваім лёсам былі павязаныя з Заслаўем:
Вольга Дрыбіна — пляменніца Яўгена Куліка;
Мікалай Паграноўскі — знаны беларускі мастацкі крытык, арт-тэарэтык, старшыня секцыі мастацтвазнаўства Беларускага саюза Мастакоў, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, у 2005–2015 гг. — дырэктар Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”;
Юры Піскун — Мастак, Творца, Настаўнік, паплечнік і калега героя нашага праекта, аўтар габелена “Полацкія званы” і разам з Вольгай Дзёмкінай — габелена “Малітва”, на якіх грунтуецца гістарычная экспазіцыя па гісторыі Заслаўя, прэзентаваная ў габеленавай зале музейнай-выставачнага комплексу Запаведніка.
Алег Трусаў — кандыдат гістарычных навук, вядомы археолаг і знаны папулізатар беларускай даўніны, дацэнт Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў, даследчык гісторыі беларускай архітэктуры, кіраўнік археалагічных даследаванняў гарадзішча “Вал” у Заслаўі.
 
Мемарыяльны экспазіцыйна-выставачны праект-акцыя “Аўта/Партрэт Рэканструктара”, прымеркаваны да 85-ых угодак з нараджэння і 20-ых — са дня смерці мастака і культурнага дзеяча Яўгена Куліка, рэалізуецца Гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Заслаўе” ў рамках навукова-даследчага экспазіцыйна-выставачнага праекта “Этнаграфіка рэчавіду”. 
“Аўта/Партрэт Рэканструктара” — першая частка праекта. Як і ўвесь праект, ён задуманы як спроба антрапалагічнага прачытання мастацкіх тэкстаў — твораў мастакоў, фатографаў, літаратараў — і тэкстаў навуковых — вынікаў гістарычных даследаванняў, палявых этнаграфічных экспедыцый, археалагічных вышукаў.
І тут старабеларускае слова рэчавід не ў поўнай меры супадае з мастацтвазнаўчым значэннем яго франкафоннага сіноніма нацюрморт. Калі французскі тэрмін перадусім традыцыйна ўспрымаецца як выява пэўных неадушаўлёных прадметаў, то рэчавід тут, у нашым праекце, — гэта не проста выявы рэчаў. Гэта размова, пры тым не столькі пра іх вонкавасць, колькі пра экзістэнцыю ці, нават, іх да-зайн — іх тут-быццё…
Змешчаныя ў прастору музейнай экспазіцыі, пэўныя артэфакты раскрываюцца з пункту гледжання антрапалагічнага прачытання кантэксту іх з'яўлення ў гісторыі, культуры дый у самім музеі. Ствараецца спроба даследавання іх як сведчання публічнай гісторыі.
 

Аўтары ідэі і куратары выставы с.н.с. Ксенія Сямашка і Генадзь Сівохін.

 
Спампаваць мультымедыя-гід па выставе можна па спасылцы тут*.
* Пры карыстанні мультымедыйным гідам не забывайцеся клікаць іконку (і) для атрымання дадатковай інфармацыі пра прадметы і калекцыі.
 

 

 

 

434