Выстава жывапісу і графікі «Леанід Шчамялёў. Мой Мінск» з калекцыі галерэі «Прадмесце». Выстава прысвечана 955-годдзю Мінска


17 жніўня 2022 года а 18-й гадзіне ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу і графікі “Леанід Шчамялёў. Мой Мінск” з калекцыі галерэі “Прадмесце”. Выстава прысвечана 955-годдзю Мінска.

Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў нарадзіўся ў 1923 годзе ў горадзе Віцебску, аднак большую частку свайго жыцця (больш за 70 гадоў!) пражыў у Мінску і па праве мог лічыць гэты горад сваім родным. Горад, які сустрэў будучага майстра ў 1947 годзе руінамі і папялішчамі, горад, які адбудоўваўся і рос на вачах мастака і з якім так шмат было звязана – вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, праца ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве ім. І.В. Ахрэмчыка і на архітэктурным факультэце Беларускага палітэхнічнага інстытута, майстэрня ў доме мастакоў на вуліцы Сурганава.

Мноства работ прысвяціў Леанід Шчамялёў любімаму Мінску, а горад заўсёды адказваў яму ўзаемнасцю і шчодра дарыў сюжэты для новых карцін. Нічога не выслізгвала ад дапытлівага погляду майстра, усё было важным і істотным у гарадскім жыцці – шырокія праспекты і ўтульныя дворыкі ў кустах бэзу, востраканцовыя вежы Чырвонага касцёла і звілістая плынь Свіслачы, вільготная прахалода восеньскіх паркаў і спакойнае люстэрка Мінскага мора, а яшчэ звычайныя гараджане, знаёмыя і не вельмі, іх будні і святы, гісторыя і сучаснасць.

Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў яшчэ пры жыцці стаў легендай Мінска. За серыю работ “Палітра майго часу” яму прысуджана званне лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы. А ў 2003 годзе ён падарыў 60 сваіх жывапісных палотнаў роднаму гораду і быў удастоены ганаровага звання Мінчанін года. У гэтым жа годзе ў Мінску была адкрыта першая муніцыпальная Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва.

На выставе прадстаўлены работы з калекцыі галерэі “Прадмесце” і з фондаў Музея гісторыі горада Мінска.

Выстава працягнецца да 2 кастрычніка 2022 года.

г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
(017) 342 24 26; (017) 337 24 30
minskmuseum.by

255