Аб удзеле ў справаздачнай канферэнцыі НПГКМЗ

24-25 лютага вядучыя навуковыя супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка прымалі ўдзел у справаздачнай канферэнцыі НПГКМЗ па выніках навукова-даследчай работы ў 2020 г. Тэматыка выступленняў была разнапланавай: ад асвятлення пытанняў эканомікі да характарыстыкі духоўнага жыцця палачан. М.М. Аніськовіч, якая ўжо некалькі гадоў вывучае пытанні адукацыі ў Полацку ў XX ст., прадставіла даклад на тэму «Пачатковыя і сярэднія навучальныя ўстановы Полацка ў другой палове 1944-1948 гг.». Гісторыю значнага ў савецкі час для горада прадпрыемства, аднаўляе Я.П. Грыб. Яго выступленне «Полацкі мясакамбінат у 1992-2010 гг.» было прысвечана аднаму з найцяжэйшых перыядаў у гісторыі гэтага аб'екта харчовай прамысловасці – спробах кіраўніцтва выратаваць прадпрыемства ад банкруцтва. Тэма выступлення Л.Б. Трыгорлавай - «Канфесійная палітыка ўлад на Полаччыне ў міжваенны перыяд» – гэта даследаванне ўзаемаадносінаў органаў Савецкай улады і рэлігійных суполак у 1919-1939 гг. у Полацкім павеце, а затым і акрузе.

У зборнік матэрыялаў, які будзе выдадзены па выніках канферэнцыі, увойдуць і даследаванні загадчыка Краязнаўчага музея І.П. Водневай «Музей і тэатр: выкарыстанне прыёмаў тэатралізацыі ў культурна-адукацыйнай дзейнасці стацыянарнай выставы "Прагулка па Ніжне-Пакроўскай"», а таксама старшага навуковага супрацоўніка С.А. Камінскага «Полацкі аўтарамзавод у 1945-1970 гг.».

Пасля падвядзення вынікаў навукова-даследчай працы ў 2020 г., на канферэнцыі быў дадзены старт яе прадаўжэнню ў 2021 г.

787