Выстава «Аксамітны сезон»


Выстава вернакулярнай фатаграфіі з калекцыі Андрэя Антонава (Літва)

Ідэя выставы аматарскай, а дакладней — вернакулярнай фатаграфіі (з англ. vernacular — мясцовы, мястэчкавы, народны) «Аксамітны сезон» склалася неяк сама сабой — падчас чарговага прыезду ў Мінск апантанага прыхільніка аналагавай фатаграфіі, яе калекцыянера і прамоўтара старых фотатэхнік віленчука Андрэя Антонава. Пра што яшчэ можна ўзгадваць на самым пачатку восені?! Вядома ж, пра летні адпачынак! Пра спякоту летніх дзён, пра свежы подых ветрыку на беразе мора альбо ракі, пра простыя радасці летняга баўлення часу на адкрытым паветры… Пра пляж як пэўную ідэалізацыю штодзённага жыцця, як жаданую прастору асабістай свабоды і нават як своеасаблівую метафару зямнога раю…

Старыя аматарскія вернакулярныя фотаздымкі, якая рабіліся выключна для сябе, для вельмі вузкага сямейнага або сяброўскага кола, пры ўсёй іхняй наіўнасці, тэхнічнай недасканаласці і відавочнай «немастацкасці», тым не меньш маюць вялікую каштоўнасць, бо распавядаюць не толькі пра тое, як выглядаюць у звычайным жыцці і паводзяць сябе людзі ў тых ці іншых абставінах. Але адначасова ў гэтыя здымкі ўбудавана і альтэрнатыўная парадыгма — як глядзяць героі здымкаў на вонкавы свет. Інакш кажучы, якім чынам людзі ў кадры надаюць сэнс сваяму штодзённаму жыццю, сваяму непэсрэднаму атачэнню, свету, які яны бачаць вакол сябе…

У экспазіцыю выставы «Аксамітны сезон» увайшлі каля 70 даваенных і пасляваенных фотаздымкаў невядомых аўтараў, якія зафіксавалі сямейны адпачынак на пляжы ў самых розных мясцінах былой краіны — ад Балтыйскага да Чорнага мора…

Адкрыццё выставы «Аксамітны сезон» 19 верасня 2019 г. а 18 гадзіне.

Выстава працуе да 19 кастрычніка. У межах выставачнага праекта пройдзе лекцыя Алены Пратасевіч «Сямейны архіў: дакумент памяці і новая міфалогія» 27 верасня, пачатак у 18.30. На сярэдзіну кастрычніка 2019 запланавана творчая сустрэча з аўтарам калекцыі Андрэем Антонавым і куратарам выставы Уладзімірам Парфянком.

Выказваем шчырую падзяку Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь за дапамогу ў арганізацыі выставачнага праекта «Аксамітны сезон».

Спасылка на падзею ў FB: https://www.facebook.com/events/2286497301445380/

Уладзімір Парфянок,
куратар выставы

 

 

Выстава «Аксамітны сезон» сфармавалася з маёй калекцыі bric-a-brac* фатаграфіі, у якой асноўная ўвага надаецца фотаздымку як надзейнай медыі прыватных хронік. Разбіраючы чужыя здымкі і слайды, я заўважыў, што маладасяжнасць і нават адносная экзатычнасць фатаграфіі ў Савецкім Саюзе вызначыла тое, што яна самым шчырым чынам трактавалася як люстэрка з памяццю, а не знаёмы нам дзейны сродак фармавання ўласнага вобразу.

Складнасць і слабая пашыранасць тэхналогіі стваралі не частыя нагоды для фотасесій. Таму ў большасці выпадкаў фатографы праводзілі, як правіла, толькі самы прымітыўны тэхнічны адбор, і гэтым самым пакінулі наступным пакаленням багаты матэрыял для інтэрпрэтацый і аналізу.

Здымкі і слайды, якія ўвайшлі ў экспазіцыю, зробленыя ў 1930-1980 гг. як ў Літве, так і на курортах колішняга СССР. Яны патыхаюць эўфарыяй і ўпэўненасцю ў сабе мадэляў і герояў. Нефармальнасць абставін, у якіх былі зроблены прадстаўленыя на выставе фатаграфіі, дазволіць гледачу калі не пазнаёміцца, то прынамсі паспрабаваць сабе ўявіць жыццё без непазбежнага сёння глабальнага турызму, а таксама дыктату стандартаў глянцавага друку і сацыяльных сетак.

 

Андрэй Антонаў,
аўтар калекцыі

____________________

* bric-a-brac – старыя рэчы

300